Гомель: чатыры пікеты за кандыдытаў адначасова
Як паведаміў назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Віктар Адзіночанка, 28 траўня на вуліцы Савецкай ў Гомелі адбыліся пікеты па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты Андрэя Дзмітрыева, Святланы Ціханоўскай, Валерыя Цапкала і Віктара Бабарыкі.
У асноўным чэргі стаялі да Святланы Ціханоўскай, бо яе муж - вядомы блогер Сяргей Ціханоўскі ў гэты дзень наведаў Гомель і вёў прамую трансляцыю з пікета на сваім youtube-канале “Краіна для жыцця”.
“Я налічыў шэсць зборшчыкаў подпісаў за Святлану Ціханоўскую, чэргі цягнуліся на некалькі соцен метраў, а людзей было каля тысячы”, - адзначыў назіральнік.
Прысутныя грамадзяне скардзіліся на супрацоўніка камунальных службаў, які прыйшоў за 15 хвілін да пачатку пікета і пачаў касіць трава электракасілкай, што стварала шмат шуму. Людзі меркавалі, што гэта было зроблена наўмысна, каб прамовы Сяргея Ціханоўскага было горш чуваць.
Жадаючыя падпісацца за Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу бесперапынна падыходзілі да прадстаўнікоў ініцыятыўных групаў кандыдытаў, таксама стваралі чэргі, але маленькія.
Да падпіснога століка Андрэя Дзмітрыева падыходзіла няшмат людзей.
Жыхары Гомеля сталі ў чаргу, каб падпісацца за Святлану Ціханоўскую