Старшыня ў ад'ездзе, намеснік на ўроках. Чаму адклалі пасяджэнне баранавіцкай камісіі?
На пасяджэнне раённай выбарчай камісіі ў Баранавічах прыйшло толькі пяць яе сябраў з 13. Каб не парушаць заканадаўства ў прысутнасці назіральніка, тым, хто прыйшоў, давялося перанесці пасяджэнне.
Як паведамляе назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» у Баранавічах Аляксандр Вайцешык, на сайце Баранавіцкага райвыканкама было размешчана паведамленне аб тым, што 26 траўня ў 13.00 адбудзецца пасяджэння раённай выбарчай камісіі.
Праваабаронца прыйшоў у прызначаны час на пасяджэнне і ўбачыў, што з поўнага складу камісіі (13 чалавек) прысутнічае толькі 5, то бок нават менш за палову. Як высветлілася, старшыня камісіі Пётр Дубоўскі быў у ад'ездзе, а намеснік старшыні Аляксандр Анікевіч праводзіў урокі ў школе. Яшчэ шэсць сябраў камісіі не прыйшлі па невядомых прычынах, і з прысутных пяці сябраў камісіі ніхто не стаў высвятляць прычыны няяўкі.
Згодна з артыкуле 37 Выбарчага кодэкса, пасяджэнні камісіі з'яўляюцца правамоцнымі, калі ў іх прымае ўдзел не менш двух трацін складу камісіі. Таму прысутным сябрам камісіі нічога не заставалася, як перанесці пасяджэнне на той жа час наступнага дня.
У сувязі з гэтым Аляксандр Вайцешык накіраваў скаргу ў Цэнтрвыбаркам.
"У мяне склалася ўражанне, што на пасяджэнне камісіі ніхто не збіраўся і прыходзіць, бо ва ўсіх свае справы і абавязкі на асноўнай працы. Пры гэтым заўважу, што пры фармаванні камісіі быў салідны конкурс годных людзей, якія былі гатовыя ахвяраваць часам на карысць будучых выбараў, чаго нельга сказаць аб сфармаванай камісіі, сябры якой загадзя самі прызначаюць пасяджэнне і самі ж на яго і не прыходзіць", - піша ў сваёй скарзе назіральнік.
Таксама Вайцешык нагадаў пра інцыдэнт з відэатрансляцыяй пасяджэння па фарміраванні гэтай камісіі, якую немагчыма было паглядзець: на старонцы, дзе павінна было быць відэа, высвечвалася "Памылка 404".
У Баранавічах працэс фарміравання раённай выбарчай камісіі застаўся таямніцай
Сукупнасць гэтых фактаў, на думку назіральніка, кажа пра тое, што Баранавіцкі рэгіён не падрыхтаваны да паўнавартаснага выбарчага працэсу, а камісія падыходзіць да выканання сваіх абавязкаў безадказна.
Аляксандр Вайцешык просіць Цэнтрвыбаркам правесці праверку па гэтым факце, а таксама правесці дадатковы інструктаж сябраў выбарчай камісіі з мэтай недапушчэння такога стаўлення да выбарчага працэсу ў будучыні.