Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Уладзімір Лабковіч аб прынцыпе дабраахвотнасці і адмове ў рэгістрацыі групы Ціханоўскага

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Фота: "Радыё Свабода"
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Фота: "Радыё Свабода"

Заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп грамадзян па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь па стане на 14 траўня ў ЦВК падалі 34 грамадзяне.

Сярод іх і дзеючы прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка будзе ўдзельнічаць у выбарах прэзідэнта ў шосты раз. У спісе ягонай ініцыятыўнай групы больш за 11 тысяч чалавек.

Сярод суіскальнікаў на кандыдацтва варта адзначыць старшыню ЛДПБ Алега Гайдукевіча, блогера Сяргея Ціханоўскага, фермера-трактарыста з Гомельшчыны Юрыя Ганцэвіча, прадпрымальніц Наталлю Кісель і Алену Ашымхіну.

Актыўна падаваліся   "кандыдаты пратэсту", група прыхільнікаў апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча – 27 чалавек. Прычым, група заяўляла, што яны маюць намер зарэгістраваць ініцыятыўныя групы, каб легальна праводзіць сустрэчы толькі на этапе збору подпісаў. Далейшы ўдзел у выбарчай кампаніі яны лічаць немэтазгодным.

Сёння, 15 траўня, адбылося паседжанне Цэнтральнай выбарчай камісіі, на якім адбывалася рэгістрацыя ініцыятыўных груп.

8 прэтэндэнтам з групы "кандыдатаў пратэсту" было адмоўлена ў рэгістрацыі. Прычына адмовы розныя. Так блогеру Сяргею Ціханоўскаму, дакументы на рэгістрацыю якога падавала жонка Святлана Ціханоўская, паколькі сам ён адбывае арышт, адмовілі з-за адсутнасці на заяве ягонага подпісу. У спісах некаторых іншых груп часткова супадалі прозвішчы, былі знойдзеныя памылкі ў звестках. Многіх людзей абзвоньвалі і тыя казалі, што не давалі сваёй згоды на ўдзел у групах. Такім чынам адмовы атрымалі Вольга Мікалайчык, Вікторыя Хатэнка, Валянцін Фралоў, Вераніка Мішчанка, Антаніна Вішнякова, Ігар Кляшчук, Аляксандр Грачышнікаў, Анжаліна Жалезнікава.

Акцыя групы
Акцыя групы "кандыдатаў пратэсту" каля ЦВК 15 траўня. Фота: Радыё Свабода".

Віталь Зялкоўскі, які набыў папулярнасць у якасці “суровага турыста”, падаў спіс з аднаго сябе і таксама атрымаў адмову ў рэгістрацыі.

Згодна з Каляндарным планам правядзення выбараў, 15 траўня апошні дзень падачы дакументаў на рэгістрацыю ў ЦВК. І ён прыносіць новыя інтрыгі.

Так, “Наша ніва” паведамляе, што ў ініцыятыўную групу банкіра, былога старшыні праўлення “Белгазпрамбанка”  Віктара Бабарыкі запісалася больш за 7000 чалавек. Пра гэта ён паведаміў на сваіх старонках у сацсетках.

Ён адзначыў, што ў ЦВК будуць падаваць спісы на больш чым 5500 удзельнікаў, якіх паспелі апрацаваць, аднак заклікаў працягваць рэгістравацца. Астатніх ён абяцае далучыць да працы пазней. Вылучэнне Віктара Бабарыкі стала нечаканасцю гэтай палітычнай кампаніі, хоць ён даўно і паслядоўна крытыкаваў сістэму ў сваіх інтэрв'ю і сацыяльных сетках.

Наступны - экс-дырэктар Парку высокіх тэхналогій Валерый Цапкала, У яго ініцыятыўнай групе 555 чалавек.

Чакаецца, што сёння таксама пададуць дакументы ўдзельнікі “праймерыз” Юрый Губарэвіч, Вольга Кавалькова і Мікалай Казлоў.

Мела намер таксама падацца сёння і экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая. 

Падобна, што спіс ініцыятыўных груп пераадолее адзнаку ў 40 чалавек.

З пытаннем аб тым, як праходзіць працэс рэгістрацыі ініцыятыўных груп мы звярнуліся да каардынатара кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзіміра Лабковіча.

Уладзімір Лабковіч. Фота: ПЦ

"Неўзабаве наша кампанія дасць ацэнку ўсяму працэсу рэгістрацыі ініцыятыўных груп. Але ўжо зараз бачна, і мы адзначаем гэта, што ўлады вярнуліся да практыкі кампаній 2000-х гадоў, калі выкарыстоўвалася адвольнае трактаванне прадэклараванага прынцыпа дабраахвотнасці. Гэта мы і ўбачылі сёння.

Але калі некалькі сябраў ініцыятыўных груп у працэсе праверкі заявілі, што яны не давалі згоду на ўваходжанне ў групу, то гэта не падстава для адмовы ў рэгістрацыі ўсёй групе, пры ўмове калі яна мае мінімальны склад у 100 сяброў.

ЦВК зноў дэманструе выбарачны падыход і, калі група сфарамаваная з фармальнымі недахопамі, то ў гэтым бачыць парушэнне прынцыпа дабраахвотнасці, а вось у тым, калі, напрыклад, студэнтаў з пагрозамі розных санкцыяў прымушаюць галасаваць датэрмінова, парушэне прынцыпу дабраахвотнага ўдзелу ў выбарах ня бачыць.Што датычыцца адмовы ў рэгістрацыі групы блогера Ціханоўскага, дык улады самі стварылі ўсе ўмовы, каб пазбавіць яго ў праве на ўдзел у выбарах. Гэта выглядае на спецаперацыю па нейтралізацыі яго як удзельніка выбарчага працэсу. Гэта не мае нічога агульнага з заканадаўствам".

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.


Каментары