Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Еўрасаюз чакае ад Беларусі выканання міжнародных стандартаў пры правядзенні выбараў

Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Дзірк Шубель заявіў, што ЕС чакае ад беларускіх уладаў выканання міжнародных стандартаў дэмакратычных выбараў і роўных умоў для ўсіх удзельнікаў. Пра гэта піша агенцтва "Інтэрфакс-Захад".

Дзірк Шубель
Дзірк Шубель

"Як і раней, мы заклікаем улады Беларусі выконваць рэкамендацыі СААЗ для прадухілення і запаволення распаўсюджвання віруса. У той жа час Еўрапейскі Саюз чакае, што Беларусь забяспечыць захаванне міжнародных стандартаў дэмакратычных выбараў, паставіўшы ўсіх удзельнікаў у роўныя ўмовы", - сказаў Шубель у сувязі са стартам прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі.

Кіраўнік прадстаўніцтва канстатаваў, што перадвыбарчая кампанія будзе праходзіць у асаблівых умовах.

"Мы прымаем да ведама аб'яву аб даце прэзідэнцкіх выбараў, якая было зроблена ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Беларусі. У гэтым годзе перадвыбарчая кампанія будзе праходзіць у асаблівых абставінах, звязаных з пандэміяй COVID-19", - адзначыў ён.

"Еўрапейскі Саюз будзе сачыць за развіццём падзей як у перадвыбарчы перыяд, так і дзень выбараў у той ступені, у якой гэта будзе магчыма ў сітуацыі, звязанай з пандэміяй COVID-19", - дадаў Шубель.

Як паведамлялася, на мінулым тыдні парламент Беларусі прызначыў чарговыя прэзідэнцкія выбары на 9 жніўня 2020 года.

Між тым, асноўныя беларускія апазіцыйныя партыі палічылі немагчымым удзел у прэзідэнцкіх выбарах у сувязі з распаўсюджваннем каранавірусу і адмовіліся вылучаць сваіх кандыдатаў. У прыватнасці, аб адмове ад удзелу ў выбарах заявіла найстарэйшая апазіцыйная Беларуская партыя "Беларускі народны фронт" (БНФ). Аналагічную пастанову прыняла і Беларуская партыя левых "Справядлівы свет", а таксама Беларуская партыя"Зялёных".

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары