Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

“Праваабаронцы за свабодныя выбары” запрашаюць на канферэнцыю і распавядуць пра спецыфіку назірання за прэзідэнцкімі выбарамі

Прэс-канферэнцыя, прысвечаная пачатку назірання за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі адбудзецца ў сераду, 13 траўня ў 10 гадзін. Сёлетняя электаральная кампанія будзе адбывацца ў асаблівых умовах пандэміі COVID-19. Гэта накладае адбітак і на спосаб правядзення канферэнцыі – яна адбудзецца ў відэафармаце на адмысловай пляцоўцы Zoom. Каб прыняць удзел неабходна папярэдне зарэгістравацца на электроннай пошце viasna@spring96.org, пакінуўшы там свае кантакты і атрымаць спасылку для ўваходу ў праграму. Zoom таксама можна спампаваць на свой тэлефон.

Канферэнцыя будзе транслявацца на старонцы кампаніі ў фэйсбуку  і на старонцы Праваабарончага цэнтра "Вясна".

Традыцыйна пра пачатак назірання абвяшчаюць каардынатары незалежнай грамадскай кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алег Гулак ад РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Уладзімір Лабковіч ад Праваабарончага цэнтра “Вясна”.  Яны дадуць сваю ацэнку грамадска-палітычнаму фону на момант абвяшчэння кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, адкажуць на пытанні прадстаўнікоў СМІ і зацікаўленых асоб.

Нагадаем, што ўдзельнікі незалежнай кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" накіравалі ў Цэнтрвыбаркам, Палату прадстаўнікоў і Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусі шэраг важных прапаноў па правядзенні прэзідэнцкіх выбараў ва ўмовах эпідэміі COVID-19.

Яны прапанавалі распрацаваць і прыняць комплекс заканадаўчых і арганізацыйных мер, якія забяспечаць бяспечнае ажыццяўленне ўсіх без выключэння выбарчых правоў грамадзян без іх непрапарцыйнага абмежавання ва ўмовах пандэміі і кампенсуюць суразмерныя абмежаванні прадастаўленнем новых магчымасцяў, адначасова выказваючы гатоўнасць прыняць удзел у выпрацоўцы такіх мер.

Аднак Цэнтральная выбарчая камісія не будзе ўкараняць прапановы праваабаронцаў па правядзенні выбараў ва ўмовах пандэміі, спаслаўшыся на недахоп часу для прыняцця прапанаваных захадаў.

Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаныя на 9 жніўня.

Запрашаем прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі і зацікаўленых асоб!


Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары», якую з 2008 года праводзяць РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» і Праваабарончы цэнтр «Вясна», з'яўляецца незалежнай і не ставіць за мэту падтрымку палітычных партый і якіх-небудзь палітычных дзеячоў. Увесь выбарчы працэс назіральнікі ацэньваюць выключна зыходзячы з прынцыпаў свабодных дэмакратычных выбараў, пры якіх народ Беларусі можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраванні краінай.


Каментары