Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У ЦВК адказалі на пытанні пра копіі пратаколаў участковых камісій і прызначэнне паўторнага падліку галасоў

Спаленыя бюлютэні ў Берасці. Фота: Уладзімір Вялічкін.
Спаленыя бюлютэні ў Берасці. Фота: Уладзімір Вялічкін.

У ЦВК апублікавалі адказ на шматлікія звароты (больш за дзесяць) з просьбай азнаёміць з вынікамі галасавання на ўчастку альбо выслаць копію пратакола ўчастковай камісіі аб выніках галасавання, а таксама прызначыць з-за гэтага паўторны падлік галасоў альбо прызнаць выбары несапраўднымі па ўчастку для галасавання, паведамляе TUT.BY.

У ЦВК заявілі, што копія пратаколу ўчастковай камісіі аб выніках галасавання пасля яго падпісання вывешваецца для ўсеагульнага азнаямлення ў вызначаным камісіяй месцы. ЦВК рэкамендуе для гэтага выкарыстоўваць дошку аб'яваў ці інфармацыйны стэнд у будынку, дзе праходзіла галасаванне.

"Такім чынам, выбарчае заканадаўства не прадугледжвае іншага парадку азнаямлення з вынікамі галасавання на ўчастку" , - гаворыцца ў адказе.

Там таксама апісалі працэдуру падліку галасоў: "пратакол участковай камісіі аб выніках галасавання прадстаўляецца ў раённую, гарадскую, раённую ў горадзе камісію па выбарах прэзідэнта. Гэтыя тэрытарыяльныя камісіі на падставе пратаколаў участковых камісій устанаўліваюць вынікі галасавання адпаведна па раёну, гораду, раёну ў горадзе і складаюць аб гэтым пратаколы, на аснове якіх абласныя, Мінская гарадская камісіі падводзяць вынікі галасавання па вобласці, гораду Мінску. Цэнтральная камісія валодае толькі пратаколамі абласных, Мінскай гарадской камісій па выбарах».

Спаленыя бюлютэні ў Берасці. Фота: Уладзімір Вялічкін.

У ЦВК заявілі, што паўнамоцтвы ўчастковых камісій спыненыя пасля завяршэння выбараў на ўчастку для галасавання, гэта значыць 9 жніўня. Паўнамоцтвы раённых, гарадскіх, раённых у горадзе камісій па выбарах спыняюцца пасля афіцыйнага апублікавання вынікаў.

ЦВК можа прызначыць паўторны падлік галасоў выбаршчыкаў па ўчастку пры выяўленні памылак, неадпаведнасцяў у пратаколах участковых і тэрытарыяльных камісій, іншых парушэннях, дапушчаных падчас галасавання або пры падліку галасоў. Звестак аб такіх парушэннях у зваротах не пазначана, сказана ў адказе камісіі.

Адказалі ў ЦВК і на пытанне з нагоды прызнання выбараў па ўчастку для галасавання несапраўднымі. Такое магчыма толькі калі дапушчаныя падчас выбараў або пры падліку галасоў парушэнні паўплывалі на вынікі выбараў у цэлым па рэспубліцы.

"У Цэнтральную камісію заяўнікамі не прадстаўлена дадзеных, якія сведчаць аб тым, што ўчастковымі камісіямі вынікі выбараў устаноўлены няправільна. Не могуць служыць падставамі да задавальнення скаргаў довады, якія носяць па сутнасці меркаваны характар. Пры такіх абставінах падстаў для прызнання выбараў несапраўднымі па ўчастках для галасавання няма", - сказана ў адказе ЦВК.

 “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.


Каментары