Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

“Інстытут назірання быў галоўным, па чым ударыла рэпрэсіўная машына”

Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” прадставіла на прэс-канферэнцыі 10 жніўня справаздачу па  прамежкавых выніках назірання за прэзідэнцкімі выбарамі. Электаральную кампанію 2020 года праваабаронцы назвалі “найгоршай у Беларусі”.

Прэс-канферэнцыя кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”10 жніўня 2020 года.

Як адзначыў адзін з каардынатараў кампаніі Алег Гулак, назіраецца пэўны недавер да таго, што робяць улады.

“Яшчэ на этапе збору подпісаў не было бачна актыўнасці ў падтрымку Лукашэнку, і таму складана давяраць афіцыйным лічбам, якія кажуць пра яго перамогу”, – выказаўся Алег Гулак. – “Таксама існуе недавер да таго, што робяць улады, выкліканы абмежаваннем колькасці назіральнікаў. Гэтыя дзеянні рабіліся з аргументам, што у нас каронавірус. Фактычна назіранне было сарвана, празрыстасці не было”.

Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” вылучыла на ўчасткі 798 назіральнікаў. З іх толькі 93 назіральнікі змаглі назіраць розныя этапы выбарчай кампаніі (і датэрміновае галасаванне, і асноўны дзень) літаральна на пару гадзін. Толькі адзін назіральнік змог назіраць весь працэс галасавання і толькі 3 назіральнікі трапілі на падлік галасоў. Болей за 30 назіральнікаў былі пазбаўлены акрэдытацыі. Усяго было затрымана каля 150 назіральнікаў (не толькі вылучанах ад кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”).

“Інстытут назірання быў галоўным, па чым ударыла рэпрэсіўная машына”, – падкрэсліў Уладзімір Лабковіч, адзін з каардынатараў кампаніі. – Забарона назірання на выбарчых участках парушае і нормы Канстытуцыі, і нормы Выбарчага кодэкса”.

Да 70 працэнтаў назіральнікаў фіксавалі факты завышэння яўкі на датэрміновым галасаванні. Каля 40 працэнтаў фіксавалі факты прымусу да датэрміновага галасавання. У выніку чаго больш, чым на 10 участках бюлетэняў аказалася больш чым за 100 працэнтаў. Акрамя таго, на некаторых участках выніковыя пратаколы галасавання не вывешваліся, а сябры камісіі таемна пакідалі ўчасткі.

vybary-press-final-2.jpg
Прэс-канферэнцыя кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”10 жніўня 2020 года.

“Выбарчы працэс на усіх этапах не адпавядаў міжнародным стандаратам правядзення дэмакратычных выбараў, суправаджаўся шматлікімі парушэннямі дадзеных прынцыпаў і патрабаванняў нацыянальнага заканадаўства”, – заявіў Уладзімір Лабковіч. – Тыя вынікі, якія агучыла ЦВК, не адпавядае волевыяўленню грамадзян”.

Юрыст ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч звярнуў увагу на рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянаў у перыяд электаральнай кампаніі. Толькі з мая было затрымана каля 1 500 чалавек, каля 200 арыштаваны, болей за 300 аштрафаваныя. На дадзены момант налічваецца 26 палітвязняў, але, улічваючы абставіны і падзеі, якія адбыліся напярэдадні (акцыі пратэсту 9 жніўня), то іх колькасць можа павялічыцца. Дэманстрацыі праходзілі па ўсёй краіне, але менавіта ў Мінску яны скончыліся абсалютна непрапарцыйным і жорсткім прымяненнем  гвалту і спецсродкаў  з боку міліцыі.

“У тым ліку выкарыстоўваліся спецсродкі, чаго раней ніколі не было ніколі: вадамёты, гумавыя кулі, шумавыя гранаты (апошнія раней прымяняліся, але не ў такім аб’ёме, як падчас акцый 9 жніўня)”, – адзначыў Валянцін Стэфановіч.

Параненыя ў выніку дзеянняў міліцыянтаў знаходзяцца як мінімум ў трох бальніцах Мінска — ваенны шппіталь, шостая клінічная бальніца і бальніца хуткай дапамогі (БСМП). Праваабарончы цэнтр “Вясна” пацвярджае смерць аднаго з удзельнікаў дэманстрацыі, на якога наехаў аўтазак. Ён атрымаў чэрапна-мазгавую траўму.  Але МУС афіцыйна абвяргае факт смерці.

“Усю адказасць за тое, што адбылося ўначы 9 жніўня, мы ўскладаем на улады Беларусі”, – заявіў Валянцін Стэфановіч. – Улады гатаваліся загадзя.  Падставай для узмацнення бяспекі былі "вагнераўцы", а рэальна гэта было практычна увядзенне ваеннага становішча. Візіты Лукашэнкі ў вайсковыя часткі і словы аб тым, што армія можа быць выкарыстана для абароны канстытуцыйнага парадку — усё кажа аб тым, што улада рыхтаваліся”.

Праваабаронцы непакояцца, што рэпрэсіі будуць працягвацца і ў поствыбарчы перыяд. Магчымы рэпрэсіі ў адносінах да незалежных СМІ і праваабаронцаў. Таму яны звяртаюцца да ўладаў спыніць эскалацыю канфлікта.

Акрамя таго, праваабаронцы просяць сябраў камісій паведамляць ім, у  тым ліку на ўмовах ананімнасці, як праходзіла фальсіфікацыя выбараў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.


Каментары