Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Магілёўшчына: Аперацыя “выбары”

9 жніўня праходзяць выбары прэзідэнта. Mspring.online публікуе, як адбываецца галасаванне на ўчастках у Магілёве. 

16:30. Так даводзіцца назіраць на 91-м участку ў Кастрычніцкім раёне Магілёва: на сам участак незалежных назіральнікаў не пускаюць – усе месцы “квоты” ужо занятыя праўладнымі назіральнікамі.

vybarchy_magileu1.1_9.08.jpg
Назіральніца на ўчастку №91 Кастрычніцкага раёна Магілёва

——————————————————————————

15:00. Участак №38 у Ленінскім раёне Магілёва: старшыня камісіі адмовіўся прымаць скаргу ад назіральніцы. Кажа, почырк у вас неразборлівы! Ну а потым наогул сказаў што гэта паклёп на ўсіх назіральнікаў і камісію. Пагражае пазбаўленнем акрэдытацыі і тым, што выведзе з міліцыяй. Пагражае таксама і судом за паклёп.

——————————————————————————

13:00. 95-ы участак у Кастрычніцкім раёне Магілёва: на датэрміновым быццам бы прагаласавала 1132 выбаршчыкі (каля паловы ўсіх на ўчастку). Зато цяпер, у асноўны дзень, назіральнікі налічваюць больш людзей, чым камісія.

——————————————————————————

11:00. Участак №6 у Ленінскім раёне Магілёва: выбаршчык ўзяў ды вынес бюлетэнь з сабой. Сябры камісіі з крыкамі кінуліся да яго, хапалі за рукі, паклікалі міліцыянта. Выбаршчык сыйшоў, абыйшлося!

——————————————————————————

10:40. Участак №2 у Мсціславе: назіральніцу вывела з участку міліцыя. Ну хаця б не затрымалі, дзякуй і на тым.

——————————————————————————

08:00. Участак 110 Магілёва: раніцай яшчэ да адкрыцця ўчастка падышла незразумелая жанчына і стала фатаграфаваць працэс апячатвання. Назіральнік пацікавіўся, хто яна – апынулася, што гэта дырэктарка ЖРЭУ Кастрычніцкага раёна, і яна прыйшла праверыць, як працуе камісія… З работнікаў гэтага ЖРЭУ і сфарміравана УВК 110 і іх “назіральнікі”.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары