Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

«Парушана прэзумпцыя невінаватасці», — юрыст Сапелка пра адмову рэгістраваць Бабарыку

Павел Сапелка. Фота: spring96.org
Павел Сапелка. Фота: spring96.org

З аднаго боку, Цэнтральная выбарчая камісія можа карыстацца любымі звесткамі ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў для таго, каб вызначыць, што ёсць істотныя адхіленні ад дадзеных, пазначаных у дэкларацыі прэтэндэнта ў кандыдаты. Але абвінавачваць без суду ЦВК не можа, заявіў Свабодзе юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» і былы адвакат Павел Сапелка.

«У пастанове ЦВК, якая вызначае механізмы, што выкарыстоўвае гэтая камісія для праверкі звестак, выкладзеных у дэкларацыі аб даходах і маёмасці, ёсць шмат палажэнняў, якія супярэчаць прэзумпцыі невінаватасці.

Абвінавачваць без суду ЦВК не можа. Ёсць такое паняцце, як прэзумпцыя невінаватасці. Да суду ніхто не можа абвінаваціць чалавека ў крымінальных злачынствах, назваць чалавека вінаватым і злодзеем.

Да таго ж, як пацвярджае і сама Лідзія Ярмошына, ЦВК не мае дакументаў з замежных кампаній, пра якія яна гаворыць.

Для такой сітуацыі павінен быць зразумелы, просты, празрысты і эфектыўны мэханізм абскарджвання рашэнняў ЦВК у судзе.

У прынцыпе, такое права абскарджвання ў тых, каму ЦВК адмаўляе ў рэгістрацыі, тэарэтычна ёсць. Але бяда ў тым, што прадстаўнікі прэтэндэнта ў кандыдаты сутыкнуцца з суровай рэальнасцю і з тым, што справядлівага і незалежнага суду ў Беларусі таксама няма», — кажа юрыст Павел Сапелка.

ЦВК зарэгістравала пяць кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі

На пасяджэнні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў 14 ліпеня прайшла рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

Як Ярмошына агучыла абвінавачванне Бабарыку

Падчас паседжання ЦВК старшыня Лідзія Ярмошына прызнала, што ініцыятыўная група Віктара Бабарыкі сабрала звыш 100 тысяч подпісаў. У дэклярацыі заўважылі дробныя недахопы: не пазначыў кэшбэку на 283,43 рубля і даход з укладаў у 1263,99 даляра і 0,05 эўра. Таксама была памылка з даходам па аблігацыях Мінфіну — пазначылі на 65 даляраў менш, але на 95 эўра больш. Гэта менш за 20% гадавога даходу, памылка нязначная.

Але ў дэкларацыі не былі пазначаныя матэрыяльныя сродкі з замежных рахункаў, дадала Ярмошына. Камітэт дзяржаўнага кантролю сцвярджае, што «злачынная група» здабывала злачынныя даходы і незаконная дзейнасць Бабарыкі як «кіраўніка злачыннай групоўкі» «пацвярджаецца» канфіскаванымі матэрыяламі і допытамі падазраваных. Выявілі, што Бабарыка нібыта атрымаў незадэклараваныя 350 тысяч даляраў ЗША. Пры тым суду ў справе Бабарыкі яшчэ не было і, адпаведна, ён не прызнаны вінаватым.

Ярмошына пажартавала, што «хабар у падатковай дэкларацыі не пазначаецца». Паводле яе, выявілі і іншыя неадпаведнасці ў дэкларацыі.

Дзяржкантроль таксама сцвярджае, што Бабарыка незаконна выкарыстоўваў замежную фінансавую дапамогу падчас кампаніі — рэсурсы «Белгазпрамбанку», які на 99% належыць расейскім кампаніям. Некаторыя чальцы ініцыятыўнай групы працавалі ў гэтым банку і займаліся справамі выбарчай кампаніі ў працоўны час і з выкарыстаннем працоўных сродкаў, сцвярджае Ярмошына са спасылкай на Дзяржкантроль, а гэта парушэнне Выбарчага кодэксу.

Ярмошына прапанавала адмовіць Бабарыку ў рэгістрацыі ў сувязі з неадпаведнасцю дэкларацыі фактычным даходам і ўдзелу замежнай арганізацыі ў ягонай кампаніі.

Прадстаўнік ініцыятыўнай групы, юрыст Максім Знак расказаў, што пра ліст КДК не ведаў нават сёння, а яшчэ ўчора ініцыятыўная група бачыла, што ўсе звесткі з дэкларацыі былі прызнаныя адпаведнымі. Ён адзначыў, што звесткі з ліста — прадмет абвінавачання, якое не толькі не было разгледжана ў судзе, але нават не прадстаўлена абароне для азнаямлення. У лістах не пазначаны канкрэтныя факты незаконнай дзейнасці, адзначыў ён, а паказанні супраць Бабарыкі супярэчлівыя, у тым ліку ў сумах незаконна атрыманых грошай. На падставе неадпаведнасці дэкларацыяў няма прычыны адмаўляць у рэгістрацыі, заявіў ён.

Што да ўдзелу супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку» ў выбарчай кампаніі, Знак адзначыў: большасьць чальцоў ініцыятыўных групаў недзе працавалі, і выкарыстанне, напрыклад, службовага тэлефона ў мэтах кампаніі — дысцыплінарнае парушэнне, але не «фінансаванне кампаніі замежнай арганізацыі». Прамога ці ўскоснага замежнага фінансавання кампаніі не даказалі, упэўнены ён.

За тое, каб адмовіць Бабарыку ў рэгістрацыі, прагаласавалі аднагалосна.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары