Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Як павысіць празрыстасць выбарчага працэсу? Прапановы кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Прапановы  аб павышэнні празрыстасці выбарчага працэсу накіраваныя ў ЦВК РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" у межах кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Зыходзячы з вопыту нацыянальнага і міжнароднага назірання і абапіраючыся на ацэнкі выкладзеныя ў Выніковай справаздачы місіі БДІПЧ АБСЕ, прадстаўнікі кампаніі вылучылі чатыры асноўныя прапановы, якія б маглі істотна павысіць празрыстасць выбарчага працэсу ў Беларусі.

1. Адкрыты падлік галасоў з дэманстрацыяй бюлютэняў назіральнікам

Аналітыкі кампаніі ў лісце ў ЦВК адзначаюць, што Выбарчы кодэкс (ч.3. арт 55) не вызначае канкрэтны спосаб і працэдуру падліку галасоў, а таксама парадак размеркавання паўнамоцтваў і абавязкаў паміж членамі ўчастковых камісій пры падліку галасоў. Гэтыя пытанні не ўрэгуляваныя і ў зборніку метадычных матэрыялаў для ўчастковых камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Як гэта выглядае на практыцы?

Кожнаму сябру камісіі раздаецца пэўная колькасць бюлетэняў, якія адначасова падлічваюцца імі. Пасля падліку галасоў кожны сябра камісій перадае на аркушы паперы лічбы з вынікамі падліку старшыні камісіі, які, сумуючы атрыманыя лічбы, уносіць у пратакол атрыманыя вынікі.

Аднак пры такім спосабе кожны сябра камісіі ведае толькі тыя лічбы, якія былі вызначаныя ім самім, і, адпаведна, можа адказваць за дакладнасць атрыманых вынікаў толькі па падлічаных ім самім бюлетэнях.

Належная рэалізацыя ч. 3 арт. 55 ВК магчымая толькі ў тым выпадку, калі спосаб падліку галасоў дазваляе кожнаму члену ўчастковай камісіі ўдзельнічаць у агульным падліку бюлетэняў, непасрэдна аглядаць кожны бюлетэнь і наяўнай у ім адзнакі выбаршчыкаў. Такая працэдура дазволіла б забяспечыць і належны ўзровень транспарэнтнасці падліку галасоў для назіральнікаў.

Што можна змяніць?

Паводле выніковай справаздачы місіі БДІПЧ АБСЕ (датэрміновыя парламенцкія выбары, 17 лістапада 2019 года), была прынятая рэкамендацыя аб тым што “варта ўсталяваць выразныя і празрыстыя працэдуры падліку галасоў і забяспечыць іх строгую рэалізацыю, каб усе прысутныя назіральнікі былі ў стане пераканацца, што вынікі падлічаны належным чынам і з'яўляюцца сумленнымі. З гэтай мэтай варта разгледзець магчымасць абвяшчэння і дэманстрацыі выбару на кожным бюлетэні падчас падліку галасоў. Падлік галасоў і ўстанаўленне вынікаў, а таксама падрыхтоўка выніковых пратаколаў павінны ажыццяўляцца адкрытым чынам, каб забяспечыць паўнавартаснае назіранне”.

Прадстаўнікі кампаніі мяркуюць, што ўсталяванне дакладнай працэдуры падліку галасоў, пры якой выбар кожнага з выбаршчыкаў па кожным з бюлетэняў згодна з зробленай адзнакай можна было б аб'яўляць услых, дэманструючы яе назіральнікам, быў бы сур'ёзным крокам да большай празрыстасці і надзейнасці падліку галасоў.

Падлік галасоў на адным з мінскіх участкаў. Фота назіральніка.
Падлік галасоў на адным з мінскіх участкаў. Фота назіральніка.

2. Копію пратакола аб выніках галасавання варта завяраць

Выбарчы кодэкс не забараняе атрыманне назіральнікам заверанай належным чынам копіі пратаколу ўчастковай камісіі аб выніках галасавання. На практыцы ў некаторых выпадках выбарчыя камісіі па просьбе назіральнікаў завяраюць пратаколы, у большасці ж выпадкаў участковыя камісіі адмаўляюць у гэтым, спасылаючыся на тое, што яны не абавязаныя гэтага рабіць.

Прадстаўнікі кампаніі перакананыя, што запэўненне копій пратаколаў дазволіць павысіць гарантыі празрыстасці вынікаў галасавання на выбарах. Яны звяртаюць увагу, што Канвенцыя аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабод у дзяржавах-удзельніцах Садружнасці Незалежных Дзяржаў, да якой далучылася Рэспубліка Беларусь, прадугледжвае, што нацыянальным назіральнікам павінна быць прадастаўлена, сярод іншага, права атрымліваць ад адпаведнага выбарчага органа завераныя копіі пратаколаў аб выніках галасавання. Замацаванне дадзенага права ў адпаведных дакументах Цэнтральнай камісіі спрыяла б імплементацыі названых палажэнняў Канвенцыі СНД.

3. Разбіўка вынікаў галасавання па выбарчых участках

На думку прадстаўнікоў кампаніі “Праваабаронцы за саабодныя выбары”, празрыстасці выбарчага працэсу спрыяла б таксама апублікаванне Цэнтральнай камісіяй вынікаў галасавання з разбіўкай па выбарчых участках.

Гэта адзначалася  ў выніковай справаздачы місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за парламенцкімі выбарамі 2019 года: “з мэтай павышэння празрыстасці і падсправаздачнасці, варта публікаваць вынікі з разбіўкай па кожным выбарчым участку, пры гэтым такія дадзеныя павінны ўключаць колькасць зарэгістраваных выбаршчыкаў, колькасць галасоў, аддадзеных за кожнага кандыдата, колькасць галасоў  “супраць усіх”, а таксама колькасць сапраўдных, несапраўдных і сапсаваных бюлетэняў”.

4. Зрабіць адкрытымі ўсе прынятыя, але не апублікаваныя, пастановы ЦВК 

На афіцыйным сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі размяшчаюцца прынятыя ёю пастановы. Гэта з'яўляецца важнай гарантыяй рэалізацыі прынцыпу адкрытасці і галоснасці ў дзейнасці ЦВК. Разам з тым, як вынікае з аналізу маніторынгу сайта Цэнтральнай камісіі, у раздзеле, прысвечаным апублікаванню пастаноў Цэнтральнай камісіі на выбарах 2020 года, адсутнічае шэраг пастаноў, наяўнасць якіх вынікае з нумарацыі апублікаваных дакументаў. У прыватнасці, адсутнічаюць наступныя Пастановы Цэнтральнай камісіі, прынятыя з моманту прызначэння выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2020 года: № № 19-21, 25-80, 82-84. Акрамя таго, не апублікаваныя пастановы, прынятыя да прызначэння выбараў: № № 1-9.

Таму прадстаўнікі кампаніі просяць размясціць тэксты названых пастаноў альбо паведаміць аб прычынах немагчымасці іх апублікавання. Пералічаныя рэкамендацыі накіраваныя на ўдасканаленне выбарчых працэдур, павышэнню празрыстасці і адкрытасці выбараў для ўмацавання даверу грамадзян да дзяржаўных інстытутаў у цэлым. Рэалізацыя названых рэкамендацый не патрабуе ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь, а можа быць зроблена Цэнтральнай камісіяй у межах прадастаўленых ёй артыкулам 33 Выбарчага кодэксу паўнамоцтваў.

Зварот у ЦВК накіраваны ў адпаведнасці з артыкулам 40 Канстытуцыі РБ, у якім адзначана, што “Кожны мае права накіроўваць асабістыя або калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.


Каментары