Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Бяроза: абскардзіць неўключэнне ў камісіі зноў немагчыма

Старшыня Рады Брэсцкай абласной арганізацыі партыі БНФ Зміцер Шыманскі абскардзіў у суд Бярозаўскага раёна рашэнне Бярозаўскага райвыканкама, у якім двое вылучэнцаў абласной арганізацыі не былі ўключаныя ў склад участковых выбарчых камісіяў (УВК) участкаў для галасавання №9 (Анатоль Белянко) і №11 (Тамара Шчапёткіна) Бярозаўскага раёна па выбарах прэзідэнта.

Абгрунтаваннем для неўключэння Тамары Шчапёткінай у скдад УВК №11 ужо традыцыйнае стала тое, што яна не мае вопыту працы ў складзе выбарчых камісіяў, а толькі багаты вопыт назірання. Акрамя таго, райвыканкам не ведае пра яе "дзелавыя якасці".

Па меркаванні абласной арганізацыі партыі БНФ, хоць на пасяджэнні райвыканкама і праводзілася персанальнае галасаванне, але самі гэтыя словы ніяк нельга лічыць абмеркаваннем дзелавых і асабістых якасцях асобаў, вылучаных у склад камісіі Бо менавіта гэтага патрабуе п.9 Пастановы ЦВК № 13. Да таго ж у склад УВК участка для галасавання №11 былі уключаныя больш 5 іншых прадстаўнікоў, якія таксама не маюць ніякага вопыту працы ў складзе выбарчых камісіяў.

Анатоль Белянко меў аднаразовы вопыт працы ва УВК на мінулых прэзідэнцкіх выбарах. Аднак пасяджэнне райвыканкаму вырашыла, што ён не шмат працаваў ва УВК, “райвыканкам не ведае пра ягоныя дзелавыя якасці”, і адзінагалосна прагаласавала супраць ягонага уключэння. Такім чынам у склад УВК №9 не быў уключаны адзіны вылучаны ў яе прадстаўнік ад палітычнай партыі — прадстаўнік партыі БНФ. Затое былі ўключаныя прадстаўнікі ад Бярозаўскіх раённых арганізацыяў грамадзкіх аб’яднанняў «Белая Русь», «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», «Беларускі саюз жанчынаў», «Беларускі фонд міру», Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа і г.д. 

Судовыя пасяджэнні адбыліся 30 чэрвеня. Памяшканне суда зараз на капітальным рамонце, і суд часова размешчаны за горадам на тэрыторыі тарнага завода. Справу пра неўключэнне Тамары Шчапёткінай вяла старшыня суда Наталля Вакульчык, а справу Анатоля Белянко — суддзя Алена Нямкова. На абодвух судовых пасяджэннях у задавальненні скаргаў было адмоўлена, паколькі дзеянні Бярозаўскага райвыканкаму “здзейсненыя ў адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам" і парадак фарміраванння ўчастковых выбарчых камісіяў “адпавядае патрабаванням арт. 34 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь.. Суддзі падкрэслілі, што пытанні аб перавагах аднаго кандыдата перад другім не адносяцца да кампетэнцыі суда, гэта мусіць вырашаць райвыканкам.

На думку доўгатэрміновага назіральніка кампаніі “Праваабаронцы за справядлівыя выбары” Сяржука Русецкага, цяжка было чакаць іншых вынікаў судовых паседжанняў, бо Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусі быў прыняты ў такім выглядзе, што не рэгламентуе крытэрыяў, па якіх вылучэнцы ў склад УВК павінны адбірацца. 

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары