Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Дзве раённыя камісіі Гародні не залічылі ніводнага подпісу за Дзмітрыева

У Гродне адбыліся пасяджэнні раённых выбарчых камісій, дзе былі абвешчаны вынікі праверкі сапраўднасці подпісаў выбаршчыкаў.

Пасяджэнне камісіі Ленінскага раёна праходзіла ў даўно склаўшымся фармаце, калі групы сяброў камісіі, якія адказваюць за праверку подпісаў таго ці іншага прэтэндэнта, проста зачытваюць вынікі сваёй праверкі, а камісія пад кіраўніцтвам старшыні галасуе за прадстаўлены імі варыянт.

Такім чынам, па звестках, пададзеных Ленінскай раённай камісіяй, у двух прэтэндэнтаў аказалася больш за 15% бракаваных подпісаў. Гэта Валерый Цапкала і Андрэй Дзмітрыеў. Усе іх подпісы па Ленінскім раёне скасаваныя, ці як гэта агучыла камісія, іх прапанавана не ўлічваць. Гэта 6527 подпісаў, здадзеных за Цапкалу, і 208 за Дзмітрыева.

У астатніх прэтэндэнтаў подпісы ўлічылі, хоць камісія указала на непраўдзівасць нейкіх з іх, але, па сцвярджэнні працоўных груп, несапраўднасць не перавысіла 15%.

Такім чынам па Ленінскім раёне Гародні ў скарбонку подпісаў Аляксандра Лукашэнкі лягло 32584 подпісы, Віктара Бабарыкі - 4670, Святланы Ціханоўскай - 2420, Сяргея Чэрачэня - 4890, Ганны Канапацкай - 208.

У той жа дзень, 29 чэрвеня, былі абвешчаны вынікі праверкі подпісаў па Кастрычніцкім раёне Гародні. Па ўсіх пунктах сябры ТВК галасавалі адзінагалосна. Паводле звестак назіральніцы кампаніі “Правабаронцы за свабодныя выбары” Святланы Рудкоўскай, вынікі праверкі збору подпісаў наступныя:

За Віктара Бабарыку прынялі 7268 подпісаў, 23 % з іх былі ўзятыя на праверку – былі прызнаныя недакладнымі 492 подпісы. Дадаткова ўзялі на праверку яшчэ 15%. Сумуючы па выніках праверкі 17,2% подпісаў прызнаныя недакладнымі. На падставе гэтага ўсе галасы за Віктара Бабарыку прызнаныя недакладнымі і непрызнанымі.

За Андрэя Дзмітрыева прынялі 346 подпісаў, 23% праверылі і 66 аказалася несапраўдныя, узялі яшчэ 15% на праверку. Усяго 78,8% не сапраўдныя. Вынік - подпісы за Дзмітрыева непрызнаныя.

За Ганну Канапацкую здалі 146 подпісаў, несапраўдных – 2,9%. 145 подпісаў прымаюцца. За Аляксандра Лукашэнку здалі 52.312, не прынялі 79, да праверкі ўзялі 52233, узялі 23% да праверкі з іх 4,3% несапраўдных. Прымаюцца 51712.

За Сяргея Чэрачэня здалі 1781 подпіс, не прынялі адразу 16. 1751 дапушчана да праверкі. З іх узялі на праверку 23% і несапраўдных аказалася 3,4%. Прызнаныя 1751. За За Святлану Ціханоўскую здалі 3506 подпісаў – 69 не прынялі, да праверкі ўзялі 3437. Правяралі 23%, з іх несапраўдных 7%, прымаюцца да заліку 3382 подпісы.

За Валерыя Цапкалу прынялі 9437 подпісаў, узялі 23%, несапраўдных 1,8%. Залічваюцца 9399 подпісаў.

Па выніках пасяджэння па праверцы дакладнасці подпісаў з 7 прэтэндэнтаў прызнаныя подпісы толькі 5: Цапкалы, Чэрачаня, Лукашэнкі, Канапацкай і Ціханоўскай.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары