Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Назіральніка не пусцілі на паседжанне па ўтварэнню камісій. Трэба было папярэджваць загадзя

Праваабаронца Алег Мацкевіч. Фота: humanrightshouse.org
Праваабаронца Алег Мацкевіч. Фота: humanrightshouse.org

Назіральніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алега Мацкевіч не пусцілі 23 чэрвеня на паседжанне Барысаўскага раённага выканаўчага камітэту па ўтварэнні ўчастковых камісій па выбарах прэзідэнта. Прычыну адмовы ў райвыканкаме растлумачылі тым, што аб сваім намеры прысутнічаць на паседжанні ў якасці назіральніка трэба было папярэджваць загадзя.

На сайце выканкаму была дадзеная абвестка аб паседжанні. Назіральнік Алег Мацкевіч прыбыў у будынак Барысаўскага райвыканкаму раней прызначанага часу, каб яго зарэгістравалі. Адразу ў пункце пропуску да яго выйшла працаўніца райвыканкамуі і, не пазнаёміўшыся з дакументамі назіральніка, заявіла, што згодна з Выбарчым кодэксам “на паседжанні маюць права прысутнічаць прадстаўнікі палітычных партый, іншых грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, грамадзян, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад камісіі”. Назіральнік папрасіў адразу для пачатку прачытаць ягонае накіраванне ад РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”. Не ўдакладніўшы змест паперы, прадстаўніца выканкаму сказала, што гэта накіраванне на паседжанне выбарчай камісіі. Хаця насамрэч, гэта было накіраванне на паседжанне выканкаму, аб чым напісана ў дакуменце. Тады прадстаўніца райвыканкаму заявіла, што трэба было папярэджваць раней аб сваім намеры прысутнічаць на паседжанні, і адмовіла Алегу Мацкевічу ў рэгістрацыі назіральнікам.

“Я кіраваўся не “просьбамі” папярэдзіць аб сваёй прысутнасці, а ўказаным часам, да якога адбываецца рэгістрацыя ўдзельнікаў паседжання, а таксама нормамі Выбарчага кодэкса”, — распавядае назіральнік “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Алег Мацкевіч лічыць гэта грубым парушэннем норм выбарчага закандаўства, прынцыпа адкрытасці і галоснасці выбарчага працэсу, свайго права як прадстаўніка грамадскага аб’яднання прысутнічаць пры ўтварэнні ўчастковых камісій па выбарах прэзідэнта. Ён падаў скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію.

"Адмова ў рэгістрацыі з прычыны, што я загадзя не папярэдзіў аб сваёй прысутнасці, не можа быць законнай і абгрунтаванай. Мяркую, адзінае, што я павінны выканаць для рэгістрацыі з тым, каб удзельнічаць у пасяджэнні, – мець пры сабе неабходныя дакументы і прыйсці ва ўстаноўлены час”, — каментуе сітуацыю Алег Мацкевіч.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары