Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Праверка подпісаў на Гарадзеншчыне: сітуацыя горшая, чым на папярэдніх выбарах прэзідэнта

Пасяджэнні раённых камісій Гарадзеншчыны па праверцы подпісаў адрозніваюцца ад ранейшых кампаній 2006 – 2015 гадоў у горшы бок, адзначаюць назіральнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Справа ў тым, што дадзеныя па здадзеных падпісных лістах з колькасцю подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэнцаў у кандыдаты ў гэтую выбарчую кампанію агучылі далёка не ўсе камісіі. 

Паседжанні ТВК, на якіх абмяркоўваецца сама працэдура праверкі подпісаў, праходзяць па вобласці з 19 па 24 чэрвеня. Назіральнікі ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Віктар Сазонаў, Андрэй Коця, Святлана Рудкоўская, Алесь Дзергачоў, згодна з арт. 13 Выбарчага кодэксу РБ, звярталіся з заявамі у ТВК з просьбай прысутнічаць на падліку подпісаў, але атрымалі адказы, што праверка будзе праводзіцца ў рабочым парадку і прысутнасць назіральнікаў не прадугледжаная. Яны маюць права прысутнічаць толькі на пасяджэннях перад парверкай подпісаў і пасля яе. 

Па Гарадзенскай вобласці 19 раённых камісій да працэдуры працэсу праверкі подпісаў падышлі па-рознаму. 

Пасяджэнні камісій па 19 ТВК вобласці пачаліся вельмі сімвалічна. Напрыклад, у Смаргонскай ТВК пасяджэнне распачалося фактычна праз хвіліну пасля заканчэння прыёму адпісных лістоў - 19 чэрвеня ў 19.00. На пасяджэнні назіральнік Алесь Дзергачоў пачуў і запісаў лічбы па здадзеных подпісах за 4 прэтэндэнтаў.

Па Кастрычніцкай ТВК Гродна пасяджэнне правялі за 10 хвілін. Старшыня Віталь Мамачкін (ён жа кіраўнік справамі Гродзенскага гарвыканкаму) паведаміў, што подпісы здалі за 7 прэтэндэнтаў: А.Лукашэнку, В.Бабарыку, В.Цапкалу, С.Ціханоўскую, С.Чэрачэня, А.Дзмітрыева і Г.Канапацкую. На пачатку пасяджэння ён агучыў толькі адну лічбу – 12 021 подпісаў за А.Лукашэнку. Пры тым не назваў колькасць подпісаў за іншых прэтэндэнтаў. Колькасць усіх падпісных лістоў таксама не назваў, толькі агучыў колькасць лістоў, выбраных для праверкі. Былі адабраныя 23% подпісаў для праверкі, сябры ТВК аднагалосна прагаласавалі за ўсе пункты рашэння. Колькасць подпісаў за кожнага з прэтэндэнтаў будуць правяраць па 3 чалавекі з камісіі. Вызначаны парадак праверкі подпісаў праз МУС, АГіМ, абзвон і абход падпісантаў, калі гэта спатрэбіцца.

Далей Віталь Мамачкін сказаў, што будзе разглядацца пытанне па арганізацыі працы камісіі і прысутнасць назіральнікаў неабавязковая і непатрэбная. Назіральнікі змушаныя былі пакінуць залу.

Аналагічна пасяджэнне прайшло і ў Ленінскай ТВК, дзе назіральнікам акрэдытаваны Віктар Сазонаў. У Гродзенскай раённай камісіі, па сведчанням назіральніка Андрэя Коці, пасяджэнне праходзіла значна даўжэй. Вяла яго нязменная з 2004 года старшыня Святлана Дабрыян (яна ж кіраўніца справамі Гродзенскага райвыканкаму). На ім была агучана колькасць падпісных лістоў і нават подпісаў, здадзеных па 6 прэтэндэнтах: А. Дзмітрыеў – 74 подпіса, Г. Канапацкая – 17, А. Лукашэнка – 18687, С. Ціханоўская – 660, С. Чэрачэнь – 1527, В. Цапкала – 941.

У адрозненне ад афіцыйных ТВК каманды альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у кандыдаты не скрывалі інфармацыю па колькасці зданых подпісаў ад назіральнікаў. Усяго па вобласці, па звестках выбарчых штабоў была сабраная наступная колькасць подпісаў:

  • За Валерыя Цапкалу па Гарадзенскай вобласці збіраў подпіс 41 чалавек – здадзена каля  21 000 (з гэтай колькасці па Гародні і Гарадзенскім раёне – 16 500).
  • За Віктару Бабарыку па вобласці збіралі подпісы 40 чалавек. Здалі 16 593 подпісаў – (каля 11 426 подпісаў у Гародні (Кастрычніцкі раён – 7 038, Ленінскі раён – 4 388), Ліда – 1750, Іўе – 195, Слонім – 1 722, Наваградак – 1500).
  • За Святлану Ціханоускую каманда ўсяго з 7 чалавек здала па вобласці каля 10 000 подпісаў (Кастрычніцкі раён Гародні – 2 537, Ленінскі раён – 2491, Іўе – 267, Ліда – 2 326, Слонім – 427, Зэльва – 122, Ваўкавыск – 584, Масты – 375, Гарадзенскі раён – 638).
  • За Ганну Канапацкую ў Гародні 387 подпісаў здалі у Кастрычніцкую і Ленінскую камісіі і 17 па Гарадзенскім раёне.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары