Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Міліцыя хоча пакараць кандыдата эканамічных навук за збор подпісаў у Шклове

migurski_petr.jpg
Пётр Мігурскі. Фота з сайта mspring.online

Як паведамляе mspring.online, 23 чэрвеня кандыдата эканамічных навук, сябра руху «За Свабоду» Пятра Мігурскага выклікалі ў Шклоўскі РАУС. Падставай стаў акт ад імя старшыні Аляксея Дзядкова і сакратара Таццяны Браун Шклоўскай раённай выбарчай камісіі.

У міліцыі Мігурскага пратрымалі больш за тры гадзіны. На яго склалі пратакол за "несанкцыянаванае масавае мерапрыемства" каля скульптурнай кампазіцыі "Шклоўскі агурок" побач з мясцовым Домам культуры.

Сам Мігурскі заявіў, што ён усяго толькі збіраў подпісы за вылучэнне ў кандыдаты ў прэзідэнты Юрася Губарэвіча, які ў якасці вылучэнца зарэгістраваны ў ЦВК.

На думку міліцыі, Мігурскі "з 12:08 да 12:40 прыняў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным пікеце, не маючы дазволу мясцовай выбарчай камісіі, пад выглядам збору подпісаў выказаў сваё асабістае меркаванне ў адносінах да дзеючай улады".

migurski_petr_piket.jpg
Пётр Мігурскі на перадвыбарчым пікеце. Фота з сайта mspring.online

У пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні не пазначана канкрэтная частка артыкула, па якой хочуць прыцягнуць да адказнасці Мігурскага.

Сам ён віну поўнасцю адмаўляе:

– Усё, што напісана ў пратаколе, не адпавядае рэчаіснасці. Гэта ўсё надумана. Несанкцыянаваных пікетаў на зборы подпісаў проста не бывае, – заявіў Мігурскі, пра што зрабіў адзнаку ў адміністрацыйным пратаколе.

Сітуацыя з кандыдатам навук са Шклова на дадзены момант цалкам падпадае пад бягучы палітычны курс рэпрэсій, накіраваны на зачыстку канкурэнтаў вылучэнца і дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары