Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

ТВК забараніла назіральніку прысутнічаць пры праверцы подпісаў, а таксама фатаграфаваць і здымаць відэа

Назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Леанід Свецік звярнуўся ў Кастрычніцкую раённую выбарчую камісію ў Віцебску з заявай аб прысутнасці на ўсіх этапах працэдуры праверкі подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах усіх асобаў, што маюць намер вылучыцца кандыдатам у прэзідэнты.

Старшыня камісіі Вольга Сыраедава адказала назіральніку, што згодна з арт. 67 Выбарчага кодэкса паўнамоцтвы па праверцы дакладнасці подпісаў выбаршчыкаў аднесеныя да кампетенцыяў тэрытарыяльных камісій.

“Дадаткова тлумачым, што ч. 5 арт. 13 Выбарчага кодэкса утрымлівае вычарпальны пералік правоў назіральніка, акрэдытаваных пры адпаведных выбарчых камісіях”, - адзначаецца ў адказе ТВК.

Акрамя таго, Вольга Сыраедава адмовіла назіральніку і ў правядзенні фота-, відэаздымак і трансляцый на ўсіх стадыях працы Кастрычніцкай раённай камісіі, спаслаўшыся на тое, што арт. 13 ВК рэгламентаваны парадак інфармавання грамадзянаў аб працы па падрыхтоўцы і правядзенню выбараў, а таксама пастановай ЦВК №16 ад 8 траўня 2020 года “Аб інфармаванні грамадзянаў выбарчымі камісіямі і мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі аб працы па падрыхтоўцы і правядзенню выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе”.

“Падставаў для прыняцця дадатковых рашэнняў па дадзенаму пытанню не маецца”, - адзначыла старшыня камісіі.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары