Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Аналітычная тыднёвая справаздача па выніках назірання: 8 -14 чэрвеня 2020 года

Назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца РПГА Беларускі Хельсінкскі камітэт і ПЦ Вясна ў рамках кампаніі Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Высновы

  • выбарчая кампанія праходзіць у атмасферы страху, запалохвання выбаршчыкаў і ціску на актывістаў ініцыятыўных груп. Адбываецца прэсінг актывістаў ініцыятыўнай группы па вылучэнні Святланы Ціханоўскай, якая вымушана была скасаваць пікеты па зборы подпісаў у буйных гарадах, а таксама на прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыку;
  • прад’яўленне абвінавачванняў па падзеях 29 мая ў Гродна выклікала негатыўную рэакцыю нацыянальнай праваабарончай супольнасці і міжнародных арганізацый;
  • праваабарончыя арганізацыі Беларусі выступілі з тэрміновай заявай, у якой патрабавалі ад уладаў спыніць ціск і запалохванне людзей у сувязі з іх удзелам у выбарчай кампаніі і забяспечыць поўную рэалізацыю фундаментальных правоў і свабод чалавека;
  • нягледзячы на ранейшыя затрыманні актывістаў і сябраў ініцыятыўных груп, пікеты па зборы подпісаў, па звестках назіральнікаў, актыўна праходзяць у большасці рэгіёнаў у адносна спакойнай абстаноўцы, без правакацыі і перашкод з боку мясцовых улад і сілавых структур. У некаторых гарадах, як і раней, стаяць чэргі каб аддаць свой подпіс за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў;
  • некаторыя назіральнікі ўжо атрымалі адказы на свае пісьмовыя звароты аб забеспячэнні магчымасці назіраць працэдуру праверкі подпісаў. Ва ўсіх выпадках ТВК адмовілі ім, спасылаючыся на тое, што Выбарчы кодэкс гэтага не прадугледжвае;
  • зноў фіксаваліся факты выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу і аказання ціску падчас збору подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатам у Прэзідэнты дзеючага кіраўніка краіны. Нягледзячы на заявы А. Лукашэнка аб тым, што на прыватных прадпрыемствах звальняюць тых, хто адмаўляецца падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў, назіральнікамі кампаніі не адзначаны ніводзін такі выпадак;
  • 11 чэрвеня на доўгатэрміновую назіральніцу кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Алену Маслюкову быў складзены пратакол па ч. 1 арт. 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Яна абвінавачваецца за ўдзел 31 траўня ў пікетаванні ў мясцовым скверы. У сувязі з гэтым кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” выказвае рашучы пратэст супраць пераследу Алены Маслюковай і патрабуе неадкладна спыніць адміністрацыйны працэс, які быў распачаты ў дачыненні да яе ў сувязі з ажыццяўленнем законнай праваабарончай дзейнасці;
  • у большасці беларускіх СМІ тэма пандэміі COVID 19 як інфанагода адсунулася на другі план у параўнанні з навінамі выбарчай кампаніі.

"Правабаронцы за свабодныя выбары".


Каментары