Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Як сабраць 7 мільёнаў подпісаў і нават не здаць іх у выбарчыя камісіі?

Уладзімр Лабковіч
Уладзімр Лабковіч

Кампанія па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь падносіць усё новыя і новыя сюрпрызы. Пра адзін з іх, які тычыцца здачы подпісаў выбаршчыкаў за вылучэнне прэтэндэнтаў у кандыдаты ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, распавядае каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч.

Ён прааналізаваў змены, якія былі ўнесеныя ў выбарчае заканадаўства, і ў прыватнасці ў артыкул 61 Выбарчага кодэксу, і прыйшоў да несуцяшальных высноў. Акаказваецца, можна сабраць хоць некалькі мільёнаў подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты і, пры гэтам, застацца, як кажуць, “з носам”.

“Трэба аддаць належнае нашым уладам, якія рыхтуюцца да падобных кампаній загадзя, і на ўсялякі выпадак уводзяць змены, якія могуць у патрэбны момант дапамагчы стварыць непажаданым кандыдатам абсалютна неперадольныя ўмовы ва ажыцяўленні выбарчых правоў”, – заяўляе Лабковіч. – У гэтым аналізе пойдзе гаворка пра такую бяскрыўдную, здавалася, працэдуру, як здача подпісаў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі”.

Уладзімір Лабковіч пра сутнасць зменаў ў выбарчы кодэкс

Аксакалы палітычных кампаній пачатку 2000-х памятаюць, што кожны сябра ініцыятыўнай групы (далей па тэксту – ІГ і не блытаць з забароненай тэрарыстычнай арганізацыяй!), які напісаў сваё прозвішча на падпісным лісце, што менавіта ён збіраў подпісы, здавалі гэтыя лісты кіраўніку, альбо намесніку кіраўніка выканкама і ў яго прысутнасці падпісвалі – кожны! – ліст, а затым ён гэтыя лісты завяраў пячаткай выканкама. Пасля такой працэдуры завераныя падпісныя лісты сам зборшчык непасрэдна здаваў у тэрытарыяльную камісію (далей па тэксце ТВК). Затым выканкамаўскія начальнікі ўзвылі, стаміўшыся такім чынам завяраць кожны падпісны ліст. Менавіта таму ў 2010 годзе. такі абавязак завяраць падпісныя лісты адмянілі. Цяпер, сам зборшчык падпісваў гэтыя лісты загадзя і не пазней чым за 50 дзён да даты выбараў здаваў іх у ТВК, дзе іх прымалі і ўносілі ў журнал уліку.

Аднак, прашу ўвагі, у 2013 годзе у арт.61 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь унеслі змены, паводле якіх стварылі новы інстытут раёных каардынатараў, і цяпер толькі яны і мелі права здаваць подпісы ад імя ініцыятыўнай групы. Такія каардынатары мусяць указвацца ў спісе ІГ у час падачы на яе рэгістрацыю. Такая норма была і ў час выбараў 2015 года, але тады на яе ніхто не звяртаў ўвагу, бо выбары не былі цікавыя ні ўдзельнікам працэсу, ні грамадзянам. Ды і ІГ было мала, кандыдаты тады былі для такога дзейства на вагу золата і таму гэтая норма засталася практычна незаўважанай. Але зараз, на выбарах 2020 года, можна прадбачыць, што менавіта яна стане непераадольным бар’ерам для многіх претэндэнтаў, і асабліва для тых, хто так сёння раздражняе ўладу.

Як жа будзе працаваць норма ч. 14 арт.61 ВК Рэспублікі Беларусь?

Частка 14 арт. 61 ВК прадугледжвае, што каардынатары па раёнах, гарадах, раёнам у гарадах здаюць падпісныя лісты не пазней, чым за 50 дзён да выбараў у раённую, гарадскую, раённую ў гарадах камісію па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Такія каардынатары падаюцца пры рэгістрацыі і застаюцца нязменныя. Ніякія жыццёвыя абставіны не могуць змяніць гэты спіс.

Днямі кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” зрабіла запыт у ЦВК з просьбай патлумачыць як будзе працаваць норма з каардынатарамі і мы атрымалі адказ, што так, подпісы здаюць толькі каардынатары, але ў выключных выпадках (напрыклад – хваробы) сам прэтэндэнт і кіраўнік ІГ.

Ну вось, напрыклад, збірае сябра ІГ подпісы у Мінску, скажам, на праспекце. Падыходзіць да яго вялікая экскурсія з горада Хоцімска, якія тут любуецца “утульным гарадзішкам” і раптам вырашыла падпісацца за вашага кандыдата. Вы бярэце ў іх подпісы, заносіце дадзеныя  на асобны ліст і радасна адаеце іх у свой выбарчы штаб. А там іх выкідваюць у сметнік, бо ў гэтым горадзе няма каардынатара.

Альбо іншая сытуацыя. Кіраўнік вашай ІГ правеў нараду з каардынатарамі, і хтосьці з іх сам таго ня ведаючы быў на гэыты час хворы, а ўсіх прысутных прызналі кантактамі першага узроўню і закрылі на карантын.  Вось і ўсё! Кампанія скончана.

Такім чынам правы грамадзянаў Беларусі ставяцца ў наўпростую залежнасць ад адміністратыўнай працэдуры.

Каманда можа сабраць подпісы хоць усіх паўнагадовых грамадзян Беларусі і не мець магчымасць здаць іх у камісію, бо не мае каардынатараў, а кіраўнік і прэтэндэнт фізічна не могуць паспець аб’ехаць усю Беларусь.

Што ЦВК адказаў экспертам кампаніі?

У сваім запыце ў ЦВК эксперты запытваліся, ці магчыма прадугледзець такую акалічнасць, каб прэтэндэнт у кандыдаты, альбо кіраўнік ініцыятыўнай групы ў працэсе збору подпісаў мог прызначаць каардынатараў па раёнах, бо такое прызначэнне каардынатараў з зацверджанага складу ініцыятыўнай групы грамадзян можа трактавацца не як унясенне змяненняў у дакументы, прадастаўленыя для рэгістрацыі групы, а як размеркаванне функцыянальных абавязкаў ўнутры ўжо самой групы.

Такі падыход падаецца больш справядлівым, бо у сітуацыі складанай эпідэміялагічнай абстаноўкі, альбо ў сілу іншых жыццёвых абставінаў, каардынатар можа не мець магчымасці здаць падпісныя лісты (хварэць, быць ізаляваным як патэнцыйны кантакт 1 ці 2 узроўню). У выпадку ўзнікнення такой сітуацыі правамерна зыходзіць з інтарэсаў рэалізацыі правоў грамадзян, якія далі згоду аб вылучэнні асобы кандыдатам у прэзідэнты.

Аднак, ЦВК не падтрымала такі падыход, бо

“магчымасць унясення змяненняў у склад ініцыятыўнай групы пасля яе рэгістрацыі, у тым ліку прызначэння або змены каардынатараў або замацаваных за імі тэрыторый, заканадаўствам не прадугледжаная. Гэтым забяспечваецца стабільнасць выбарчых працэдур і прадухіляюцца канфліктныя сітуацыі пры зборы подпісаў і здачы падпісных лістоў у выбарчыя камісіі, у першую чаргу, у самой групе”.

Гэтая стабільнасць, у тым ліку і выбарчых працэдур, нішто іншае, як стварэнне з дапамогай адміністратыўнага рычага дыскрімінацыйных умоў, як для претэндэнтаў, так і для выбаршчыкаў, чыё волевыяўленне не будзе ўлічана ў прынцыпе. ЦВК праз такія перашкоды губляе адзін з асноўных прынцыпаў выбараў, прынцып, што выбары з’яўляюцца “дэмакратычнымі”.

Такім чынам незразумелая адмова ад старой працэдуры, калі кожны сябра ІГ здаваў свае падпісныя лісты, цяпер становіцца зразумелым. Праз столькі фільтраў, якія ўбудаваныя ў нашае заканадаўства, праскочаць хіба што адзінкі.

А зараз пра міжнародныя акты, датычныя стандартаў выбараў

Таксама варта звярнуцца да адзінага міжнароднага акта, датычны стандартаў выбараў і які ратыфікавала Беларусь. Зразумела, што гэта выхалашчаны дакумент, абсалютна дэкларатыўны, але усе ж ён базуецца на міжнародных актах і вымушана падзяляе асноўныя прынцыпы свабодных дэмакратычных і справядлівых выбараў. Гаворка ідзе аб Канвенцыі аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабод у дзяржавах-удзельніцах Садружнасці Незалежных Дзяржаў. 

Пункт 6 артыкула 9 гэтай канвенцыі прадугледжвае, што:

"Сапраўдныя выбары прадугледжваюць роўныя і справядлівыя прававыя ўмовы для рэгістрацыі кандыдатаў, спісаў кандыдатаў і палітычных партый (кааліцый). Рэгістрацыйныя патрабаванні павінны быць яснымі і не ўтрымліваць умоў, здольных стаць падставай для прывілеяў альбо абмежаванняў дыскрымінацыйнага характару. Не дапускаецца адвольнае або дыскрымінуючае прымяненне нормаў аб рэгістрацыі кандыдатаў, спісаў кандыдатаў і палітычных партый (кааліцый)".

Такім чынам канвенцыя дэкларуе тое, што рэгістрацыйныя патрабаванні мусяць не ўтрымліваць дыскрімінацыйных абмежаванняў. Такім чынам можна казаць і аб ігнараванні нормаў гэтага міжнароднага акта, але што з таго нашым уладам, яны і не такія нормы і абавязальніцтвы ігнаравалі. 

Змены ў заканадаўстве павінны весці да больш эфектыўнай магчымасці грамадзянам рэалізаваць свае выбарчыя правы, сваё права прымаць удзел у кіраванні краінай, а не прыводзіць да сытуацыі, калі сотні тысяч подпісаў выбаршчыкаў, якія выказалі сваю волю бачыць таго, ці іншага претэнэнта кандыдатам, будуць выкінуты на памыйку.

А зараз давайце паглядзім на некаторых прэтэндэнтаў і колькасць іх каардынатараў:

У ініцыятыўных групах:

  • Віктара Бабарыкі – 77 каардынатараў,
  • Валерыя Цэпкалы – 67 каардынатараў
  •  Сяргея Чэрачэня -  31 каардынатара
  • Ганны Канапацкай – 12 каардынатараў
  • Святланы Ціханоўскай – 18 каардынатараў

У Святланы Ціханоўскай, якая па ўсёй Беларусі дэманструе ўражваючую падтрымку і чэргі людзей, гатовыя пакінуць за яе подпісы, ёсць усе шансы сабраць больш 100 000 подпісаў і вельмі мала шанцаў стаць кандыдатам у тым ліку і з-за таго, што частка каардынатараў затрыманая ў межах крымінальнай справы, у тым ліку і кіраўнік ІГ Сяргей Ціханоўскі. Таму, шанцы здаць подпісы толькі сіламі аднаго прэтэндэнта ў рэгіёнах, дзе няма каардынатараў, вельмі малаверагодныя.

Такім чынам нават усе размовы пра сабраныя 100 000 подпісаў будуць толькі словамі претэндэнта, якія нічым не падмацаваныя, бо яны нават і не паступяць у ТВК.

Адзінае, што можна параіць у такой сітуацыі камандам – беражыце сваіх каардынатараў!

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".


Каментары