Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Дэпутаты Еўрапарламента заявілі пра “істотнае пагаршэнне” сітуацыі ў Беларусі

“Мы глыбока занепакоеныя нязменнай няздольнасцю беларускіх уладаў палепшыць умовы выбараў і відавочнай адсутнасцю намеру стварыць умовы для сапраўды роўных умоваў паміж кандыдатамі”, — гаворыцца ў сумеснай заяве старшыні дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Роберта Бедраня і пастаяннага дакладчыка па Беларусі Пятраса Аўштравічуса.

Новая заява з’явілася менш чым праз тыдзень пасля таго, як дэпутаты Еўрапарламента выказалі шкадаванне адносна масавых рэпрэсій супраць мірных пратэстоўцаў і грамадскіх актывістаў.

“На жаль, у апошнія дні мы назіраем істотнае пагаршэнне сітуацыі”, — адзначаецца ў заяве.

Аўтары звароту выступаюць “катэгарычна супраць” неаднаразовага затрымання відэаблогера Сяргея Ціханоўскага, лідара апазіцыі Мікалая Статкевіча і дзясяткаў іншых людзей, якія прысутнічалі на мірных і законных мерапрыемствах па зборы подпісаў па ўсёй краіне.

“Мы вельмі шкадуем што гэтыя правакацыі адбыліся, паколькі яны ўяўляюць сабой чарговую атаку на асноўныя свабоды выказвання меркаванняў і мірных сходаў, а таксама з’яўляюцца прамым умяшаннем у выбарчы працэс з мэтай перашкодзіць кандыдатам сабраць колькасць подпісаў, неабходных для вылучэння”, — кажуць дэпутаты Еўрапарламента, заклікаючы беларускія ўлады “неадкладна вызваліць усіх грамадзян, якія былі несправядліва арыштаваныя, і неадкладна спыніць гэтую недапушчальную хвалю рэпрэсій”.

У заяве падкрэсліваецца, што Еўрапарламент будзе дамагацца “перагляду палітыкі Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі, у тым ліку ўвядзення новых санкцый супраць службовых асобаў, адказных за гэтыя дзеянні”, у выпадку новых адвольных арыштаў і абмежавання права беларускіх грамадзян свабодна ажыццяўляць свае палітычныя правы.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары