Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

"Увесь працэс суддзя фактычна "мычаў" у маску". Апазіцыя абскарджвае сваё неўключэнне ў выбаркамы

Мінгарсуд 26 траўня разгледзеў скаргу БСДП "Грамада" аб уключэнні намесніка старшыні партыі Аляксея Сігаева пры фарміраванні складу Мінскай гарадской камісіі па выбарах Прэзідэнта. Пасля чатырох гадзін судовага паседжання суд адмовіў у задавальненні скаргі.

sud_gramada.jpg
Намеснік старшыні БСДП "Грамада" Аляксей Сігаеў і Л. Волкава. Фота: Аляксей Лойка

 Нагадаем, па ўсёй краіне ад апазіцыйных палітычных партый у склад тэрытарыяльных выбарчых камісій уключылі толькі двух чалавек: прадстаўніка БНФ у Віцебскую абласную камісію і прадстаўніка БСДП "Грамада" ў адну з раённых камісій. Усяго па краіне ў склад 153 тэрытарыяльных камісій увайшло 1989 чалавек. Такім чынам, апазіцыя складае 0,1% ад агульнай колькасці сябраў тэрытарыяльных выбарчых камісій.

Маніторынг паседжання ажыццяўляў назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Аляксей Лойка. Як праходзіў суд?

Працэс па-беларуску

Пасяджэнне вёў суддзя А. Бычко. Пракуратуру горада Мінска прадстаўляла пракурорка Я. Драбышэўская. Прадстаўнікі Мінскага гарвыканкама і Савета дэпутатаў у пасяджэнне не з'явіліся, даслалі хадайніцтва аб тым, каб скаргу разглядалі ў іх адсутнасць. БСДП "Грамада" прадстаўляў намеснік старшыні Аляксей Сігаеў і Л. Волкава.

Назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" адзначыў, што суддзя вёў працэс па-беларуску:

"Пры гэтым прамаўляў тры словы па-расійску, вытрымліваў паўзу, затым спрабаваў перавесці гэтыя тры словы на беларускую мову, часам беспаспяхова. Увесь працэс суддзя фактычна нешта "мычаў" у маску, што рабіла маніторынг працэсу вельмі цяжкім".

Суд пазбавіў заяўніка ў поўнай меры знаёміцца з матэрыяламі справы

Адразу прадстаўнік "Грамады" адзначыў, што ў яго не было магчымасці паўнавартасна азнаёміцца з матэрыяламі, прадстаўленымі ў суд Мінскім гарвыканкамам і Саветам дэпутатаў. Суддзя забараніў яму рабіць фота і відэа падчас азнаямлення з матэрыяламі справы.

Назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Аляксей Лойка заўважыў, што гэты падыход супярэчыць Грамадзянска-працэсуальнаму кодэксу, паколькі пазбаўляе магчымасці працэсуальнага апанента выбудоўваць прававую пазіцыю ў судовым пасяджэнні сыходзячы з матэрыялаў, прадстаўленых другім бокам.

Згодна ч. 1 артыкула 56 ГПК юрыдычна зацікаўленыя ў зыходзе справы асобы маюць права знаёміцца з матэрыяламі справы, рабіць выпіскі з іх, здымаць копіі прадстаўленых дакументаў, заяўляць адводы, прадстаўляць доказы, удзельнічаць у даследаванні доказаў, задаваць пытанні іншым удзельнікам судаводства па справе, заяўляць хадайніцтвы, даваць вусныя і пісьмовыя тлумачэнні суду, прадстаўляць свае довады і меркаванні, пярэчыць супраць хадайніцтваў, довадаў і меркаванняў іншых асоб", — адзначае Аляксей Лойка.

Прадстаўнік "Грамады" заявіў адвод суддзі

Пасля таго як суддзя адмовіў у самым пачатку пасяджэння ў магчымасці рабіць фота і выпіскі пры азнаямленні з матэрыяламі справы, Аляксей Сігаеў заявіў адвод суддзі. Ён абгрунтаваў гэта тым, што суддзя, які старшынствуе па справе, пры адмове не спаслаўся на норму закона, якая дазваляе яму пазбавіць магчымасці бок па справе зрабіць копіі або выпіску з матэрыялаў, прадстаўленых зацікаўленым бокам. Пракурорка Драбышэўская выступіла супраць адводу суддзі, паколькі такая падстава для адводу не прадугледжана ГПК.

Пасля 15 хвілін знаходжання суддзі ў дарадчым пакоі ён прыняў рашэнне адмовіць у адводзе і абгрунтаваў гэта пазіцыяй пракурора.

Пасля аднаўлення працэсу Аляксей Сігаеў запатрабаваў выкліку прадстаўнікоў Мінскага гарвыканкама і Прэзідыума Савета дэпутатаў. Пракурорка выступіла супраць, паколькі гэты бок па справе падаў хадайніцтва аб разглядзе скаргі без яго ўдзелу. Разгляд скаргі, на думку суддзі, у адсутнасць зацікаўленага боку не супярэчыць патрабаванням заканадаўства.

Адвод пракурорцы

Намеснік старшыні "Грамады" Аляксей Сігаеў пазней заявіў адвод і пракурорцы Драбышэўскай у сувязі з тым, што яе ўдзел у пасяджэнні ў складанай эпідэміялагічнай абстаноўцы стварае рызыку для ўдзельнікаў працэсу. А ўсё таму, што яна не можа гучна размаўляць і ў яе закладзены нос. Суддзя на месцы прыняў рашэнне адхіліць адвод, паколькі для гэтага "адсутнічаюць законныя падставы".

Якія яшчэ прэтэнзіі былі ў "Грамады"?

Асноўныя прэтэнзіі ў Аляксея Сігаева, акрамя немагчымасці зрабіць копію матэрыялаў, прадстаўленых дзяржаўнымі органамі, выклікалі яшчэ некалькі абставінаў.

Пры азнаямленні з дакументамі аб вылучэнні ў члены ад Мінскай гарадской арганізацыі ГА "Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў" Сігаеў звярнуў увагу на юрыдычны адрас "вул. Караля, 4". Ён сумняваўся, што арганізацыя зарэгістраваная ў органах юстыцыі без указання нумара памяшкання. Прадстаўнік «Грамады» таксама звярнуў увагу суда на тое, што ў пратаколе вылучэння члена гэтай арганізацыі ў Мінгарвыбаркам не пазначана колькасць членаў выбарнага органа, як і не пазначаны сам орган, які вылучыў свайго сябра ў камісію. 19 траўня пры фармаванні Мінскай гарадской камісіі па выбарах Прэзідэнта ў яе ўвайшла старшыня ГА "Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў" Таццяна Краўчанка.

Мінская арганізацыйная структура ГА "Беларуская асацыяцыя лекараў" у якасці юрыдычнага адрасу пазначыла "вул. Р. Люксембург, 110" без указання памяшкання. Сігаеў звярнуў увагу суда на тое, што па дадзеным адрасе размешчана 4-я гарадская клінічная бальніца ім. Н. Е. Саўчанка, пры гэтым не зразумела, чаму на дакументах аб вылучэнні стаіць пячатка 1-ай гарадской клінічнай бальніцы, галоўны ўрач якой узначаліў Мінскую гарадскую камісію па выбарах Прэзідэнта.

У выніку суд адмовіў у задавальненні скаргі на рашэнне Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта і Прэзідыума Мінскага гарадскога савета дэпутатаў аб уключэнні намесніка старшыні партыі Аляксея Сігаева пры фармаванні складу Мінскай гарадской камісіі па выбарах Прэзідэнта.

У выбаркамы Беларусі патрапілі толькі два прадстаўніка апазіцыі. Што сказаў суд?

Мінскія гарадскія структуры Партыі БНФ і Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне” падалі скаргі ў Мінскі гарадскі суд з мэтай аспрэчыць рашэнні аб неўключэнні прадстаўнікоў партыі ў склад тэрытарыяльных выбарчых у сталіцы, піша narodny.org. Разгляд скаргі Партыі БНФ на фармаванне тэрытарыяльных камісій адбыўся ў Мінскім гарадскім судзе 22 траўня.

 "Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары