Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Перадвыбарчыя пікеты на Віцебшчыне: Канапацкая сама збірае подпісы, да Ціханоўскай – чарга

Віцебск

На тэрыторыі Чыгуначнага раёна г. Віцебска 26 траўня працягнуўся збор подпісаў членамі ініцыятыўных групаў. Тут збіралі подпісы адразу за трох патэнцыйных кандыдата ў прэзідэнты – Ганну Канапацкую, Святлану Ціханоўскую і Сяргея Чэрачня.

Свой пікет наведала Ганна Канапацкая, якая сама збірала подпісы.

На пікеце Ганны Канапацкай студэнтка ДУА "Віцебскі тэхнічны каледж" сказала, што куратарка яе групы прынесла запоўненыя падпісныя лісты і распарадзілася ўсім падпісацца за цяперашняга кіраўніка краіны.

З'яўленне Ганны Канапацкай выклікала цікавасць у выбаршчыкаў, але, калі з'явіліся банеры "Краіны для жыцця" да падпіснога стала Святланы Ціханоўскай утварылася чарга.  

У падпіснога стала Сяргея Чэрачня былі заўважаныя толькі рэдкія выбаршчыкі.

Орша

Першы пікет па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, жонкі вядомага блогера Сяргея Ціханоўскага, прайшоў у Оршы.

Утварылася невялікая чарга з жадаючых падтрымаць вылучэнне Святланы Ціханоўскай.

Члены ініцыятыўнай групы плануюць пікетаваць каля помніка Леніну ў Оршы кожны дзень з 17 да 20 гадзін вечара.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары" 


Каментары