Фотарэпартаж. Як у Мінску збіраюць подпісы за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты
У Беларусі 21 траўня распачаўся важны этап выбарчай кампаніі – збор подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп, якія змогуць займацца зборам подпісаў. Каб вылучыць свайго кандыдата ў прэзідэнты сябры ініцыятыўных груп павінны сабраць не менш за 100 тысяч подпісаў. Калі ініцыятыўныя групы выбіраюць збор подпісаў шляхам пікетавання, то яны павінны праводзіцца ў незабароненых мясцовымі райвыканкамі месцах. Збор подпісаў працягнецца да 19 чэрвеня ўключна.
У Мінску пакуль самым масавым днём збору подпісаў стала нядзеля 24 траўня. Днём на пляцоўцы каля Камароўскага рынку збіралася адначасова не менш за 500 чалавек. Самая вялікая чарга выбаршчыкаў – каля 300 чалавек – збіралася ў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Кіраваў ініцыятыўнай групай яе муж – блогер ютуб-канала «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі.
Таксама каля Камароўцы збіралі подпісы на агульным пікеце за сваё вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты сустаршыня БХД Вольга Кавалькова і актывіст партыі АГП Уладзімір Непомняшчых.
На пікеце былі заўважаны сябры ініцыятыўных груп былога банкіра і кіраўніка “Белгазпрамбанка” Віктара Бабарыкі і былога кіраўніка Парка высокіх тэхналогій Валерыя Цапкала.
Як адзначае назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Алег Пашкевіч, акрамя выбаршчыкаў, членаў ініцыятыўных груп, асоб, якія вылучаюцца ў кандыдаты, на пікеце прысутнічалі таксама прадстаўнікі выбарчых камісій, якія адразу правяралі падпісныя лісты і фіксавалі парушэнні. Нагадаем, калі асоба, якая вылучаецца ў кандыдаты альбо сябры яго ініцыятыўнай групы атрымліваюць два папярэджанні, то гэта можа стаць падставай для адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты (артыкул 49 Выбарчага кодэкса).
Мінгарвыканкам, калі вызначаў забароненыя месцы для збору подпісаў, нагадаў сябрам ініцыятыўных груп пра выкананне імі ў мэтах мінімізацыі рызыкі ўзнікнення і распаўсюджвання інфекцыі COVID-19 супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў і рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і санітарна-эпідэміялагічнай службы горада Мінска.
Назіральнік кампаніі Алег Пашкевіч паглядзеў, як адбываўся збор подпісаў 24 траўня каля Камароўцы. Вось, як гэта выглядала.
- Агульны пікет за сваё вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты сустаршыні БХД Вольгі Кавальковай і актывіста партыі АГП Уладзіміра Непомняшчых
- Прадстаўніца райвыбаркама правярае падпісны ліст у сябра ініцыятыўнай групы Віктара Барбарыкі. На заднім фоне бачная чарга да падпісных лістоў Святланы Ціханоўскай
- Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты былога кіраўніка Парка высокіх тэхналогій Валерыя Цапкала
- На пікеце прысутнічаў палітык Мікалай Статкевіч. З усіх "кандыдатаў пратэсту" групы Статкевіча была зарэгістраваная толькі ініцыятыўная група Уладзіміра Няпомняшчых
![]()
Што рабіць, калі на вучобе або працы просяць "упісацца за кандыдата"?