Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Баранавічах працэс фарміравання раённай выбарчай камісіі застаўся таямніцай

Назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" з Баранавічаў Аляксандр Вайцешык так і не змог убачыць працэс фармавання Баранавіцкай раённай выбарчай камісіі – ні на анлайн-трансляцыі, ні на відэа пасля фармавання. У сувязі з гэтым ён звярнуўся са скаргай у Цэнтрвыбаркам.

Згодна з пастановай ЦВК №13 ад 8 траўня 2020 г., у мэтах прафілактыкі распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі пасяджэнні па фармаванні тэрытарыяльных выбарчых камісій павінны былі праводзіцца ў адсутнасці прадстаўнікоў палітычных партый, іншых грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў, грамадзян, сродкаў масавай інфармацыі і іншых запрошаных асоб.

Пры гэтым павінна была быць забяспечана трансляцыя пасяджэнняў на інтэрнэт-старонках выканкамаў або размяшчэнне на сайтах поўнага відэазапісу пасяджэнняў.

Аднак калі ў пазначаны на сайце райвыканкама час Аляксандр Вайцешык праходзіў па спасылцы на відэатрансляцыю, то трапляў на старонку, дзе было напісана "Памылка 404". Так паўтарылася некалькі разоў. Па словах назіральніка, з аналагічнай праблемай сутыкнуліся яшчэ некалькі чалавек, якія жадалі ўбачыць фарміраванне баранавіцкай РВК. Пазней відэа з пасяджэння на сайце так і не з'явілася.

Вайцешык мяркуе, што без магчымасці ўбачыць відэа з пасяджэння трэба лічыць, што яно прайшло ў закрытым рэжыме, а не адкрыта і галосна, як таго патрабуе арт.13 Выбарчага кодэкса. Назіральнік просіць Цэнтрвыбаркам правесці праверку па гэтым факце, надрукаваць інфармацыю па выніках праверкі, а таксама абавязаць Баранавіцкі райвыканкам паставіць відэазапіс з гэтага пасяджэння на свой сайт. Таксама ён просіць прыняць меры рэагавання і правесці навучанне работнікаў органаў выканаўчай улады для прадухілення такіх праблем у будучыні.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары