Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

На чыгуначных і аўтастанцыях, і нават у дзіцячым парку: дзе нельга збіраць подпісы на Магілёўшчыне?

Слаўгарадскі райвыканкам. Фота з сайта slavgorod.gov.by
Слаўгарадскі райвыканкам. Фота з сайта slavgorod.gov.by

У Магілёўскім рэгіёне райвыканкамамі таксама ўведзены шэраг забароненых месцаў для правядзення пікетаў па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты з 21 траўня па 19 чэрвеня 2020 года.

Так у Магілёве нельга збіраць подпісы на плошчы Леніна і плошчы Славы, на адлегласці менш чым 50 метраў ад будынкаў мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, праваахоўных органаў, судоў, органаў пракуратуры, тэрыторый вайсковых частак.

У Бабруйску, акрамя такіх жа абмежаванняў, уведзеная таксама забарона на збор подпісаў у падземным пешаходным пераходзе і на адлегласці менш чым 50 ад аб'ектаў чыгуначнага і аўтамабільнага транспарту (вакзалы, станцыі, пасадкавыя платформы).

Магілёўскі райвыканкам вызначыў, што пікеты нельга ладзіць бліжэй за 50 метраў ад адміністрацыйных будынкаў сельскіх выканкамаў і на аб'ектах чыгуначнага транспарту.

У большасці рэгіёнаў забаронена збіраць подпісы на адлегласці менш чым 50 метраў ад райвыканкамаў, судоў, пракуратураў, раённых аддзелаў унутраных спраў, аддзелаў па надзвычайных сітуацыях. Акрамя таго не дапускаецца набліжацца бліжэй за 50 метраў пікетоўцам да сельскіх выканкамаў у Бялынічах, Горках, Клічаве, Мсціславе, Слаўгарадзе, Чавусах і Чэрыкаве.

На тэрыторыі аўтавакзалаў і аўтастранцый нельга агітаваць выбаршчыкаў у Бялынічах, Горках, Клімавічах, Клічаве, Краснаполле, Мсціславе, Асіповічах, Чавусах, Чэрыкаве і Шклове. У Горках, Клімавічах, Клічаве, Касцюковічах, Мсціславе, Асіповічах, Чавусах, Чэрыкаве і Шклове такая ж забарона дзейнічае і на чыгуначных станцыях і вакзалах, іх пасадкавых платформах.

Не дазваляецца набліжацца бліжэй за 50 метраў для збору подпісаў да ваенных камісарыятаў у Бялынічах, Касцюковічах, Асіповічах, Слаўгарадзе, Чавусах і Чэрыкаве, а таксама ў Касцюковічах, Слаўгарадзе, Чавусах і Чэрыкаве і да раённых аддзелаў фонду па сацыяльнай абароне насельніцтва.

У Горках і Клімавічах нельга ладзіць пікеты на прыпынках грамадскага транпорта, там жа і ў яшчэ ў Клічыве - на цэнтральных плошчах горада.

Акрамя таго, у Слаўгарадзе забаронены збор подпісаў выбаршчыкаў на адлегласці менш за 50 метраў ад райаддзела Дэпартамента аховы МУС і ў дзіцячым парку, а ў Шклове – ад міжраённага аддзялення ўпраўлення КДБ і папраўчай калоніі №17.

Менш за ўсё абмежаванняў апынулася ў Быхаве – нельга збіраць подпісы толькі на адлегласці менш чым 50 метраў ад будынка райвыканкама; у Кіраўску – забаронены збор подпісаў на плошчы імя Кірава і ў пракуратуры раёна; у Глуску, Дрыбіне, Круглым, Хоцімску і Крычаве – акрамя забароны набліжацца з пікетам бліжэй за 50 метраў да будынкаў райвыканкамаў, нельга ажыццяўляць збор подпісаў на тэрыторыі аўтастанцый і чыгуначнага вакзала.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары