Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Леанід Судаленка пра склад выбаркама: Нічога новага не адбываецца, нічога не мяняецца

Леанід Судаленка
Леанід Судаленка

Доўгатэрміновы назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Леанід Судаленка прааналізаваў склад створанай у Гомелі Савецкай раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта ў параўнанні з мінулымі прэзідэнтскімі выбарамі 2015 года, паведамляе "Гомельская Вясна". 

Кіраваць Савецкай раённай выбарчай камісіяй будзе Андрэй Сергіенка, які працуе генеральным дырэктарам РУП "Гомельаблгаз". На мінулых прэзідэнтскіх выбарах ён працаваў тут намеснікам і таксама з’яўляўся намеснікам старшыні раённага выбаркама.

Намеснік кіраўніка раённай адміністрацыі Алена Герашчанка, якая падчас мінулых прэзідэнтскіх выбараў з’яўлялася старшынёй раённага выбаркама, на гэты раз абрана яго намеснікам. Адным словам, старшыня і намеснік выбаркама памяняліся толькі месцамі.  

Сакратаром выбаркама абраная начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай працы раённай адміністрацыі Ала Андрушчанка. На мінулых выбарах яна таксама працавала ў камісіі сакратаром.

"Афіцыйны сайт Савецкай адміністрацыі ў Гомелі пакуль не дае інфармацыі аб поўным складзе выбарчай камісіі, а таксама інфармацыі аб тым, хто і якім чынам патрапіў у склад тэрэтарыяльнага выбаркама. На сёння тут паказаны толькі кантакты камісіі, графік працы і інфармацыя аб старшыні, яго намесніку і сакратару выбаркама. Вядома, што на мінулых прэзідэнтскіх выбарах А. Сергіенка і А. Андрушчанка патрапілі ў камісію ад грамадскасці, А. Герашчанка ад раённай праўладнай арганізацыі “Чырвонага Крыжа”, - адзначыў назіральнік Леанід Судаленка.  

19 траўня ў Гомелі адбылося першае пасяджэнне Савецкай раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта, на якім прысутнічаў і правабаронца. 

Камісія зацвердзіла арганізацыйныя пытанні - план і рэжым працы на перыяд падрыхтоўкі і правядзення прэзідэнцкіх выбараў, устанавіла дзяжурствы і ўзгадніла на тэрыторыі раёна 61 участак для галасавання.

Незалежны назіральнік Леанід Судаленка адзначыў, што пасяджэнне доўжылася крыху больш за 11 хвілін, кворум на пасяджэнні быў. Ён таксама дадаў, што толькі некалькі чалавек на пасяджэнні камісіі знаходзіліся ў масках.

"Раённы выбаркам створаны з чыноўнікаў ці залежных ад улады людзей. Нічога новага не адбываецца, нічога не змяняецца", - дадаў назіральнік.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары