Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Месцы збора подпісаў на Гарадзеншчыне: не бліжэй чым 300 метраў ад АЭС

Не пазней 18 траўня мяcцовыя райвыканкамы павінны былі вызначыць месцы, якія забароненыя для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбарцаў па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты.

На 13 гадзіну 19 траўня на афіцыйным сайце Гарадзенскага гарвыканкаму адпаведнае рашэнне так і не размешчана.

Усе іншыя рэгіянальныя раённыя сайты Гарадзенскай вобласці публікуюць гэтыя афіцыйныя рашэнні. Усе яны прынятыя на расейскай мове. На беларускай мове адпаведных рашэнняў няма.

Такія рашэнні прынялі ўсе 17 райвыканкамаў вобласці. У рашэннях прынятая забарона на агітацыю на адлегласці 50 метраў ад адміністрацыйных будынкаў выканкамаў, судоў, пракуратуры, а таксама ўстановаў аховы здароўя. Як і раней забараняецца агітацыя на тэрыторыі чыгуначных і аўтавакзалаў, аўтастанцый. Гарадзенскі райвыканкам адпаведнае рашэнне прыняў датычнае гораду Скідаль, а Лідскі – датычнае гораду Бярозаўка.

Астравецкі райвыканкам забараняе агітацыю з мэтай збору подпісаў на адлегласці не менш 300 метраў ад тэрыторыі, выдзеленай пад будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі.

У цэлым па вобласці ніякіх асаблівых зменаў у гэтых рашэннях у параўнанні з ранейшымі выбарчымі кампаніямі не адбылося. 

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары